Беларуская тэнісістка выйшла ў вырашальны раўнд кваліфікацыі Ўімблдона

У прадмесцях Лондана Ўімблдоне на кортах Усеанглійскага тэніснага клуба працягваюцца кваліфікацыйныя матчы аднаго з самых прэстыжных тэнісных турніраў. Беларуска Вольга Гаварцова сёння праводзіла свой другі кваліфікацыйны паядынак адзіночнага разраду супраць расіянкі Яўгеніі Радзінай. У двух сэтах 19-гатовая беларуска разграміла суперніцу з лікам 6:1, 6:2. Для выхаду ў асноўную частку Ўімблдонскага турніру Гаварцовай неабходна правесці яшчэ адзін матч. А вось іншая прадстаўніца Беларусі Кацярына Дзегалевіч сёння завяршыла сваё выступленне на гэтых прэстыжных спаборніцтвах.

Пасля ўчорашняга поспеху ў сустрэчы з немкай Катрын Верле, яна прайграла ў паядынку другога кваліфікацыйнага раўнда. Нагадаем, што напярэдадні, у першым крузе кваліфікацыі са спаборніцтваў выбылі беларускі Дар'я Кустова і Ірына Кур’яновіч.

Ўімблдонскі турнір, які нараўне з адкрытымі чэмпіянатамі Аўстраліі, Францыі і ЗША уваходзіць у серыю "Вялікага шлема" стартуе 25 чэрвеня.

БелТА