Беларускі баксёр Віктар Зуеў выйшаў у паўфінал чэмпіянату свету

Беларускі баксёр Віктар Зуеў (вагавая катэгорыя звыш 91 кг) выйшаў у паўфінал чэмпіянату свету, які праходзіць у італьянскім Мілане. Як адзначае БЕЛТА, наш суайчыннік забяспечыў сабе як мінімум бронзавы медаль. Віцэ-чэмпіён афінскай Алімпіяды-2004 Віктар Зуеў на стадыі 1/4 фіналу ўзяў верх над расіянінам Дзянісам Сяргеевым — 11:2.

У паўфінале беларускі спартовец сустрэнецца з чэмпіёнам свету-2007 і пераможцам Алімпіяды-2008 італьянцам Раберта Камарэлле, які ў чвэрцьфінале адолеў балгарына Кубрата Пулева — 12:6.

Віктар Зуеў — адзіны з беларускіх баксёраў, хто працягвае выступ на чэмпіянаце свету. Астатнія 9 прадстаўнікоў нашай краіны выбылі з турніру. На стадыі 1/8 фіналу 8 верасня завяршылі выступ Мікалай Весялоў (75 кг) і Рамазан Магамедаў (91 кг). Раней выбылі з барацьбы віцэ-чэмпіён свету-2005 і чэмпіён Еўропы-2008 Магамед Нурудзінаў (69 кг), які ў другім крузе зняўся з турніру з-за пералому носу, Бата-Мунка Ванкееў (51 кг), Вазген Сафар'янц (60 кг), Сяргей Карнееў (81 кг), чэмпіён Еўропы-2002 Хаважы Хацыгаў (54 кг), Міхаіл Бернадскі (57 кг) і дэбютант зборнай Беларусі Міхаіл Бакатура (64 кг).