Беларускі экзархат: Беларусь — удалае месца для сустрэчы Патрыярха і Папы

Беларусь можа быць удалым месцам для сустрэчы Патрыярха Маскоўскага і Папы Рымскага. Паводле слоў прэс-сакратара Беларускага экзархата РПЦ Андрэя Петрашкевіча, менавіта так мяркуюць у Беларускай праваслаўнай царкве. У інтэрв'ю "Интерфакс-Запад" Петрашкевіч нагадаў, што доўгі час перашкодай для такой сустрэчы былі "падвойныя стандарты Ватыкана ў пытаннях Уніі".

"Беларусь як магчымае месца сустрэчы Пантыфіка і Патрыярха мае шэраг гістарычных асаблівасцяў і перавагаў. У Беларусі падтрымліваецца міжканфесійная раўнавага", заявіў прэс-сакратар.

Нагадаем, магчымасць сустрэчы Папы і Патрыярха стала разглядацца як верагодная пасля з'яўлення інфармацыі пра хуткі візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан і яго неаднаразовых перамоваў з патрыярхам Кірылам.