Беларускі спартовец зняўся ў кіно з Жанам-Клодам Ван Дамам

Аднаго з галоўных супернікаў героя Жана-Клода Ван Дама ў фільме "Ўніверсальныя салдаты: новы пачатак" грае беларускі чэмпіён па баях без правілаў. Як паведамляе "Лента.ру", гэта спартовец Андрэй Арлоўскі. Па сюжэце, чачэнскія тэрарысты захопліваюць у закладнікі некалькіх дзяцей і хаваюцца на тэрыторыі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Усе падыходы да АЭС замінаваныя, і тэрарысты абяцаюць падарваць саркафаг, калі іх патрабаванні не будуць выкананыя.

Улічваючы небяспеку сітуацыі, вайскоўцы вырашаюць выкарыстаць для вызвалення закладнікаў групу ўніверсальных салдатаў, якімі камандуе Люк Дэўро (Жан-Клод Ван Дам).

У распараджэнні тэрарыстаў ёсць салдаты-зомбі — дасканалыя і небяспечныя. Іх камандзіра і грае чэмпіён свету па баях без правілаў у цяжкой вазе, беларус Андрэй Арлоўскі па мянушцы "Пітбуль".

Здымкі карціны праходзілі ў Балгарыі, рэжысёр фільма Джон Хаймс. У шырокі пракат "Універсальныя салдаты: Новы пачатак" выйдзе ў лютым 2010 года.