Беларускіх "металістаў" узнагародзяць прэміямі MetalFront.org Music Awards

Другі год запар найлепшыя прадстаўнікі айчыннай мэтал-сцэны збяруцца разам на прэміі MetalFront.org Music Awards. Сёлета музычная ўрачыстасць пройдзе 12 сакавіка ў мінскім клубе "Рэактар". Арганізатары прэміі падыйшлі да вызначэння лаўрэатаў вельмі грунтоўна. Яшчэ ў лістападзе былі праведзеныя чатыры адборачныя канцэрты ў межах намінацыі "Адкрыцьцё году", паведамляе сайт “Тузін гітоў”.

Першае месца заняў гурт “Symphony of Seven”, за ім — “Exist-M”, “Bloodlust” і “Vein of Hate”. Гэтыя каманды пры падтрымцы групы “Id:Vision” выступяць у справаздачнай pre-party "The Best of Metalfront.org Music Awards" у мінскім “Da-club” 29 студзеня.

Да 1 лютага ідзе галасаванне па асноўных намінацыях ў межах прэміі. Журы ды наведнікі парталу www.metalfront.org вызначаюць пераможцаў у намінацыях "Гурт году", "Альбом году", "Міні-альбом году", "Адкрыццё году", "Вокладка году".

Непасрэдна арганізатары прэміі назавуць пераможцаў у спэцыяльных намінацыях "Відэа году", "Вяртанне году", "Мерчандайзер году", "За стабільную высокую якасць", "За ўнёсак у развіццё беларускай мэтал-сцэны".