Беларускія абітурыенты лепш за ўсё ведаюць сусветную гісторыю

Самы высокі сярэдні бал — 44 — сёлета набралі абітурыенты на цэнтралізаваным тэставанні па сусветнай гісторыі. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні кантролю органаў адукацыі, навукі і культуры Камітэта дзяржкантролю.

Сярэдні бал тэставання па рускай мове склаў 43, па беларускай — 40.

Сёлета ўпершыню тры абітурыенты здолелі набраць 100 балаў на тэставанні па беларускай мове.

У цэлым падчас гэтага выпрабавання 9,5% абітурыентаў атрымалі 75 і больш балаў. Вышэйшы бал набралі два чалавекі на тэставанні па рускай мове.

Увогуле, сёлета абітурыенты прайшлі 511,2 тысяч тэстаў. Нагадаем, летась было здадзена больш за 430 тысяч.

З ліку зарэгістраваных абітурыентаў не з'явіліся на выпрабаванні 8,7%. За розныя парушэнні падчас тэставанняў з аудыторый было выдалена 70 абітурыентаў.

Вынікі тэставання аспрэчваў толькі адзін абітурыент, прычым рашэнне было прынята на яго карысць.

Сёння на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта — рэзервовы дзень тэставання. Удзел у ім прымаюць 1,7 тысяч абітурыентаў, якія па паважных прычынах не змаглі прыняць удзел у выпрабаваннях у асноўны час.

БелаПАН