Беларускія аптэкі змушаныя пераходзіць на айчынныя лекі

Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла інфармацыйны ліст"Аб рэалізацыі ў аптэках вырабаў медыцынскага прызначэння" №12-1-10/831-838 ад 28 жніўня. Дакумент, апублікаваны "Беларускім партызанам", прымушае аптэкі гандляваць айчыннымі лекамі. Намеснік міністра аховы здароўя Шаўчук "прапаноўвае" кіраўнікам юрыдычных асоб усіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам, якія маюць ліцэнзіі на фармацэўтычную дзейнасць, на працы і паслугі, звязаныя з раздробнай рэалізацыяй лекавых сродкаў, "скласці дамовы на пастаўку прадукцыі наступных прадпрыемстваў:

РУП "Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне" (г.Баранавічы, вул.Фабрычная, 7) — марля медыцынская, марлевыя адрэзы, бінты медыцынскія нестэрыльныя;
НПУП "Сірынга" Грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" (г.Мінск, прасп.Партызанскі, 91-3) — марлевыя адрэзы, бінты медыцынскія нестэрыльныя і стэрыльныя;
ААТ "Медпласт" (г. Гомель, вул.Аб'язная, 12) — шпрыцы аднаразовыя аб'ёмам 2, 5, 10, 20 і 1 мл;
СТАА "Медватфарм" (г. Гродна, вул.Горкага, 91) і ЗАТ "Беласептыка" (Мінская вобл., в.Цнянка Мінскага раёна, Ваенны гарадок 137 «А», адміністрацыйны будынак ЗАТ "Беласептыка", пакой 7) — вата медыцынская гіграскапічная хірургічная і гігіенічная, стэрыльная і нестэрыльная (у тым ліку кіпная, фасаваная)".

Паколькі праверкі, праведзеныя ў 2009 годзе Міністэрствам аховы здароўя, паказалі, што ў некаторых аптэках няма пералічаных вырабаў айчыннай вытворчасці, іх кіраўнікам "прапанавана" забяспечыць закуп і пастаянную наяўнасць у аптэках.