Беларускія архівісты адмаўляюць, што голад 1930-х быў генацыдам украінцаў

Дырэктар Нацыянальнага архіву Беларусі Вячаслаў Селяменеў лічыць, што Голад 1932-1933 гадоў ва Ўкраіне не з'яўляецца генацыдам украінцаў. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
Як адзначыў Селяменеў, "гэта быў голад на глебе правядзення калектывізацыі, гэта была не мэтанакіраваная палітыка ў адносінах украінцаў, як спрабуюць прадставіць ва Ўкраіне". Ён перакананы, што Голад 1932-1933 гадоў быў паўсюднай з'явай для СССР, толькі ва Ўкраіне ён набыў найбольшыя маштабы.

Вячаслаў Селяменеў прывёў шэраг фактаў "хлебных бунтоў" у Беларусі, а таксама ўцёкаў беларусаў ад голаду ў Польшчу. Усе гэтыя дакументы беларускія архівісты перадалі сваім расійскім калегам, якія працуюць над зборнікам дакументаў пра Голад у СССР. Яго першы том мусіць з'явіцца ўжо сёлета.

Адзначым, што Ўкраінская народная партыя выступае за хутчэйшае прыняццё Вярхоўнай Радай закона, які прадугледжвае ўвядзенне крымінальнай адказнасці за адмаўленне Галадамора 1932-1933 гадоў, інфармуе korrespondent.net.