Беларускія баскетбалісткі ў Пекіне зноў згуляюць са зборнай Бразіліі

Вызначыліся саперніцы жаночай зборнай Беларусі па баскетболе на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Лёсаванне прайшло ўчора ў Мадрыдзе. Як паведамляе БелаПАН, Беларусь патрапіла ў групу "А" разам са зборнымі Аўстраліі, Бразіліі, Паўднёвай Карэі, Латвіі і Расіі. У групу "В" патрапілі Кітай, Чэхія, Малі, Новая Зеландыя, Іспанія і ЗША.

9 жніўня беларуская каманда згуляе з Аўстраліяй, 11-га — з Латвіяй, 13-га — з Расіяй, 15-га — з Паўднёвай Карэяй, 17-га — з Бразіліяй.

Адзначым, што ў чвэрцьфінал алімпійскага турніра выходзяць чатыры найлепшыя каманды кожнай групы.

Дарэчы, сёння жаночая зборная Беларусі вяртаецца ў Мінск з кваліфікацыйнага турніра ў Іспаніі, на якім яна і заваявала пуцёўку ў Пекін. У аэрапорце адбудзецца ўрачыстая сустрэча каманды.