Беларускія дэпутаты возьмуць удзел у працы зімовай сесіі ПА АБСЕ ў Вене

Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Забалотцам возьме ўдзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якое праходзіць 21—22 лютага ў Вене.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ніжняй палаты парламента. У рамках работы ПА АБСЕ беларуская дэлегацыя плануе правесці двухбаковыя сустрэчы з парламенцкімі дэлегацыямі шэрагу краін і з кіраўніцтвам ПА АБСЕ.

У сёмым штогадовым зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ возьмуць удзел амаль 240 парламентарыяў з 49 краін. Запланаваны пасяджэнні пастаяннага камітэта ПА АБСЕ, а таксама камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях.

У ліку асноўных тэм парадку дня — сітуацыя ў Косава. Парламентарыі таксама плануюць абмеркаваць Дагавор аб звычайных узброеных сілах у Еўропе і супрацьракетнай абароне.

БелаПАН