Беларускія геі збіраюцца пікетаваць расійскую амбасаду ў Мінску

Члены Беларускай ініцыятывы за сэксуальнае і гендэрнае раўнапраўе падалі ў Мінгарвыканкам заяву на правядзенне пікету перад амбасадай Расіі ў Мінску. Пра гэта паведамляе сайт gayby.org.
Правесці пікет мяркуецца 27 кастрычніка. Такім чынам беларускія гомасэксуалісты жадаюць “выказаць сваю заклапочанасць у сувязі з фактамі парушэння правоў чалавека ў Расіі, а менавіта неабгрунтаванай забароны вулічных акцый гомасэксуалістаў у Маскве на працягу апошніх трох год, выпадкамі масавых затрыманняў і знявагі гомасэксуалістаў у расійскіх клубах, забароны правядзення культурнага форуму ў Санкт–Пецярбургу — Першага міжнароднага фестывалю ЛГБТ–фільмаў “Бок–о–бок”, на які, у тым ліку, прыехалі госці з Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.

Падчас пікету плануецца перадача заявы расійскаму прэм'еру Ўладзіміру Пуціну. Заяўнікі ўзялі на сябе абавязальніцтва па арганізацыі грамадскага парадку і прыборцы тэрыторыі падчас правядзення пікету.