Беларускія лёгкаатлеты занялі апошнія месцы на Еўрафэсце ў Польшчы

10 чэрвеня, у польскім Быдгашчы прайшоў міжнародны турнір — Еўрапейскі атлетычны фэстываль (IX European Athletics Festival). Беларускія спартоўцы або не змаглі прыняць удзел у стартах, або займалі адны з апошніх месцаў, адзначае "Беларускі партызан". Не стартавалі Павел Канстанюк у забегу на 200 м і Валеры Святоха ў кіданні молата. Апошнія месцы заняла каманда ў мужчынскай эстафеце 4х100 (першынствавала моладзевая зборная Польшчы). Апошнімі таксама сталі Мікалай Гоман і Юры Млынароў у бегу на 100 м: яны занялі 18-ю і 19-ю пазіцыю з 20 удзельнікаў. У кіданні ядра Павел Лыжын з вынікам 19.73 заняў 7-е месца з 9 удзельнікаў.

Хіба толькі сярод жанчын у бегу на 100 м пятай стала Аксана Драгун. Яна прабегла дыстанцыю за 11.88 с. У забегах удзельнічалі 16 спартовак.