Беларускія праваахоўнікі цікавяцца дзейнасцю славутага расійскага трэнера

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі зацікавілася дзейнасцю знакамітага расійскага трэнера па веласпорце Станіслава Салаўёва.
Як адзначае "Ежедневник", Салаўёў, які ўзначальваў у свой час расійскую нацыянальную каманду, трэніраваў таксама васьміразовую чэмпіёнку свету па веласпорце беларуску Наталлю Цылінскую. А потым і ўвогуле перабраўся ў Беларусь трэніраваць нашых спартовак, хоць і не адмовіўся ад расійскага грамадзянства. Ён атрымаў пасаду галоўнага трэнера Нацыянальнай каманды Беларусі па веласіпедным спорце, кватэру ў Мінску і пачаў рабіць трэнерскую кар'еру з беларускімі раварысткамі.

Але цяпер беларускія праваахоўнікі пачалі на Салаўёва крымінальную справу. Яго падазраюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учыненым арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры. Трэнеру пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Па звестках "Ежедневника", Салаўёва вінавацяць у крадзяжы на суму 54 мільёны рублёў (17,8 тысяч долараў), якое нібы было здзейснена ў красавіку 2010 года. Якім чынам быў учынены крадзеж, пакуль не паведамляецца. Улічваючы, што гарантыі спакойнай працы ў Беларусі Салаўёву даваў кіраўнік Беларусі, менавіта Аляксандр Лукашэнка і вызначыць лёс расійскага трэнера.