Беларускія праваахоўнікі ізноў зацікавіліся сістэмай WebMoney
Па справе праходзіць арганізатар беларускага прадстаўніцтва гэтай сістэмы Алег Бунас, а таксама жыхарка Наваполацка. Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна заваоладала грашыма замежнікаў шляхам змянення інфармацыі ў кампютэрнай сістэме.
На думку аператыўнікаў, яна зарабіла каля 39 мільёнаў рублёў. Гэтая справа, па сутнасці, працягвае ранейшую гісторыю вакол WebMoney у Беларусі. Сістэму электронных плацяжоў Алег Бунас арганізаваў у нашай краіне ў 2000 годзе. Тады падобная дзейнасць не была прадугледжана беларускім заканадаўствам.
Аднак у 2005 годзе Бунаса асудзілі на 2 гады абмежавання волі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Як высветлілася падчас следства, праз сістэму Бунаса махляры кралі грошы ў еўрапейцаў. Адзін з іх, Аляксандр Жданаў, ужо асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер за падобнае злачынства па справе праходзіць і жыхарка Наваполацка.