Беларускія тэнісісты скончылі выступы на турніры ў Індыян-Уэлсе

Беларускія тэнісісты завяршылі выступы на турніры ў амерыканскім Індыян-Уэлсе, паведамляе БЕЛТА. Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (6-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у трэцім раўндзе адзіночнага разраду прайграла іспанцы Марыі Хасэ Марцінэс-Санчас (28) у двух сэтах - 6:7, 2:6. Летась Азаранка дайшла да паўфіналу адзіночнага разраду, прайграўшы расіянцы Веры Званаровай.

У парным разрадзе таксама не засталося прадстаўнікоў нашай краіны - у спаборніцтвах жанчын Дар'я Кустова разам з Акгуль Аманмурадавай саступілі ў другім крузе першай пары планеты Кара Блэк (Зімбабвэ) - Лайзэл Хубер (ЗША) - 2:6, 2:6. Год таму пераможцам парнага разраду стала Вікторыя Азаранка, якая выступала ў дуэце з Верай Званаровай.

У мужчынскім парным турніры Максім Мірны і індыец Махеш Бхупаці ў першым раўндзе саступілі расіяніну Ігару Андрэеву і Яўгену Каралёву з Казахстана - 4:6, 4:6.

Турнір на кортах Індыян-Уэлса, агульны прызавы фонд якога складае $4,5 млн, завершыцца ў нядзелю, 21 сакавіка.