Беларускія ветэраны футбола прывезлі з Узбекістана "бронзу"

Беларускія ветэраны футбола сталі бронзавымі прызёрамі традыцыйнага міжнароднага турніра па міні-футболу ва Узбекістане. На папярэдняй стадыі беларусы выйгралі ў швейцарскага "Санкт-Галена" - 6:2, узбекскага "Будаўніка" - 5:2, але прайгралі кіеўскім ветэранам - 0:4. У паўфінале наша каманда саступіла ташкенцкаму "Пахтакору" з лікам 1:3 і атрымала права прэтэндаваць на "бронзу".

Паядынак з алмаацінскім "Кайратам" скончыўся ўнічыю 1:1, а ў серыі пасляматчавых пенальці перамаглі беларусы. Галкіпер беларускай каманды Павел Кліменка адбіў тры (!) пенальці.

А пераможцам турніру стала кіеўскае "Дынама", якое ў фінале перамагло "Пахтакор".

Адзначым, што ў 1997 і 1998 гадах беларускія ветэраны футбола былі лепшымі на турніры ва Узбекістане, але ад таго часу паўтарыць свой поспех не могуць.

Сёлета ў складзе нашай каманды выступалі Юрый Трухан, Ігар Бялоў, Ігар Карачун, Віктар Бязмен ды іншыя вядомыя ў мінулым майстры скуранога мяча.  

БЕЛТА