Беларускія жанчыны з’язджаюць з вёсак, а мужыкі — застаюцца

Адсутнасць вадаправода, каналізацыі і ацяплення для моцнай паловы насельніцтва — менш істотны фактар. Пра рэгіянальнае жыццё Беларусі расказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё эканаміст Зміцер Бабіцкі Ці адрозніваецца жыццё беларусаў з рэгіёнаў ад жыцця мінчукоў? Бо часта, калі нікуды не выязджаеш з Мінску, пачынае здавацца, што людзі паўсюль жывуць так сама, як і ў сталіцы… Але калі выязджаеш, то вельмі яскрава бачыш, што розніца ёсць. У чым яна і ці вялікая?

Бабіцкі: Безумоўна, жыццё адрозніваецца. Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ ў савецкія часы і зараз яна толькі больш узмацняецца. У Мінску людзі больш зарабляюць, больш адбываецца ў Мінску выдаткаў бюджэтнай сферы. Ну і, акрамя таго, у Мінску знаходзяцца дзяржаўныя структуры, жывуць чыноўнікі, міністры, акцёры, мастакі. Ну, і мы бачым тэндэнцыю, што людзі пераязджаюць з іншых рэгіёнаў у Мінск. І гэта, канечне, з’яўляецца найбольш моцным пацверджаннем гэтай рэгіянальнай дыспрапорцыі ў напрамку цэнтр-перыферыя.

Вось вы параўнайце заробкі на МТЗ, скажам, з заробкамі на БАТЭ. А заробкі на БАТЭ параўнайце з заробкамі ў якім-небудзь дробным райцэнтры. Адрозненні будуць вельмі значныя. Але калі прааналізуем, то пабачым, што гэтыя людзі ўсе разам вырабляюць той жа самы трактар. Трактар не вырабіш без нейкага ніта, зробленага ў райцэнтры. І рабочыя гэтыя выконваюць прыкладна адну і тую ж працу. Але атрымліваюць заробкі, якія могуць адрознівацца ў разы.

Чаму так адбываецца?

Так адбываецца выключна з-за палітычных прычынаў і жадання захаваць сацыяльную стабільнасць. Для захавання сацыяльнай стабільнасці ў Мінску сродкі патрабуюцца вышэйшыя.

Але ж ёсць і маленькія населеныя пункты, дзе людзі жывуць не горш, чым у сталіцы. Вось, напрыклад, вёска Альшаны, яе яшчэ называюць “агурочная дзяржава”. Там ёсць свая ўласная вытворчасць — людзі спецыялізуюцца на вырошчванні і продажы агуркоў. І ўвесь амаль даход, які яны маюць і з чаго жывуць, — гэта агуркі. Атрымліваецца як бы такая дзяржава ў дзяржаве. У чым сакрэт феномену вёскі Альшаны? Ці ёсць у Беларусі яшчэ такія вёскі ці гарады?

Памылкова думаць, што гэта дзяржава ў дзяржаве. Гэтая вёска існуе дзякуючы таму, што існуюць вялізныя рынкі збыту гэтай прадукцыі. У асноўным гэта — сталіца, дзе рабочыя на гэтых заводах атрымліваюць за сваю працу грошы, якія ім прызначыла дзяржава. І менавіта гэтыя людзі ідуць на базар і купляюць гэтыя агуркі, вырашчаныя ў Альшанах.

Тое, што вы кажаце нейкая такая “дзяржава ў дзяржаве” — у эканоміцы гэта вядомы феномен, які называецца “прамысловы кластар”. Калі ўзнікае вельмі вузкая спецыялізацыя горада ці рэгіёна ў вытворчасці нейкай прадукцыі. Такія кластары можна назіраць шмат дзе, не толькі ў Альшанах. На тым жа самым Палессі ёсць вельмі заможныя вёскі, якія спецыялізуюцца на сельскагаспадарчай вытворчасці альбо на зборы першых чарніцаў — вязуць іх прадаваць у Расію і за кошт гэтага няблага жывуць. Ці тыя ж самыя клубніцы на Берасцейшчыне — усім жа вядома, усе купляюць і ведаюць персанальна.

Ці ўзгадайце вёску Мотыль, якая шыла кажухі, якія ва ўсім Савецкім Саюзе прадаваліся. 20 год таму ўсе ведалі гэтыя кажухі. Вось у іх такі кластар утварыўся, цэлая вёска абшывала кажухамі палову гіганцкай краіны. Канечне, трэба за штосьці такое брацца, развіваць. Але звычайна кластары ўзнікаюць стыхійна, вельмі рэдка ўдаецца іх развіццё нейкім чынам накіраваць, дапамагчы яму.

А як з прадпрымальнасцю ў беларусаў, хто больш прадпрымальны — мінчукі ці жыхары рэгіёнаў?

Калі паглядзець “Рэйтынг гарадоў”, які мы нядаўна выпусцілі, там гэта вельмі яскрава бачна. У нас прадпрымальніцтва развіваецца ў Мінску, Мінскай агламерацыі і абласных гарадах. Нават калі мы возьмем іншыя вялікія гарады, дзе людзі даволі шмат зарабляюць, мы ўбачым, што там прадпрымальніцтва менш развітае.

Чым гэта тлумачыцца?

У першую чаргу тым, што ў адміністрацыйных цэнтрах ёсць стабільна высокі спажывецкі попыт. Там шмат бюджэтнай сферы — абласныя шпіталі, абласныя органы кіравання, канцэрны. Там больш стабільны заробак і існуе стабільны спажывецкі попыт.

А для развіцця малога прадпрымальніцтва не заўжды патрэбныя толькі ўмовы. Яны, канечне, істотныя, але яшчэ больш істотны попыт на тую прадукцыю і паслугі, якія вырабляюць дробныя прадпрымальнікі. А попыт ёсць у абласных цэнтрах і Мінску.

Цікавы досвед Мінскай агламерацыі: у мястэчках побач з Мінскам вельмі інтэнсіўна ідзе развіццё малога прадпрымальніцтва, таму што рэнта ніжэй, чым у сталіцы. Танней бізнес весці ў Заслаўі, чым у Мінску. Таму прадпрымальнікі некаторыя рэгіструюцца і вядуць свой бізнес з Заслаўя, Дзяржынска ці Смалявічаў, але арыентуюцца на сталічны рынак.

Якая вобласць самая развітая? Чым адрозніваюцца заходнія рэгіёны Беларусі ад  усходніх?

Істотных дыспрапорцый паміж захадам і ўсходам, калі глядзець на чыста эканамічныя паказчыкі, не назіраецца. Той жа самы “Рэйтынг гарадоў” паказаў, што Берасце і Гародня трошкі лепш маюцца, чым Гомель і Магілёў, але не вельмі значна. Прыкладна роўна…

Усходняя Беларусь больш урбанізаваная. Менш шчыльнасць насельніцтва ў сельскіх рэгіёнах, менш людзей займаюцца сельскай гаспадаркай. У заходняй Беларусі больш засталося традыцыйнага грамадства, якое сельскагаспадарчай вытворчасцю займаецца. Таму, адпаведна, гэта, канечне, будзе цягнуць сярэдні заробак уніз.

Але якасць жыцця складаецца не толькі з сярэдняга заробку. Яна складаецца яшчэ і з тых рэчаў, якія немагчыма выразіць у грошах. Напрыклад, косіць чалавек траву ў сябе на ўчастку, альбо снег прыбірае. Альбо плот фарбуе. Гэта ў статыстычных паказчыках мы ніяк не пабачым, але, праехаўшы праз такую вёску, мы пабачым, што людзі тут як быццам бы жывуць лепш. Але яны жывуць лепш не з-за таго, што яны больш зарабляюць: яны жывуць лепш з-за таго, што больш працуюць. Але тут таксама пытанне — для некаторых гэта кепска, што трэба лішні раз працаваць. Таму для яго шчасце не ў тым, каб мець пафарбаваны плот. А ў заходняга беларуса логіка такая: ну, як жа — гэта ж людзі ходзяць, глядзяць, трэба, каб плот быў пафарбаваны.

Гэта цікава… Мяне асабіста вельмі цікавяць крытэры, паводле якіх вы ставілі той ці іншы горад на тое ці іншае месца ў “Рэйтынгу гарадоў Беларусі”. Калі не памыляюся, у гэтым рэйтынгу Стоўбцы займаюць 10-е месца?

Так, Стоўбцы займаюць вельмі высокае месца і гэта дэтэрмінавана тымі статыстычнымі паказчыкамі, якія Стоўбцы маюць. А прычына тут простая — тое, што Стоўбцы належаць да Мінскай агламерацыі.

Якраз нядаўна я ўпершыню пабывала ў Стоўбцах. І, мякка кажучы, не ўразілася, зусім. Палова гораду — гэта моладзь нападпітку, яшчэ ў першай палове дня. На вакзале ўвогуле было страшна знаходзіцца… Зайшлі перакусіць у кавярню — па-першае, з цяжкасцю ўвогуле яе знайшлі, па-другое, акрамя нясмачнага хот-догу там няма чаго было і есці…

“Рэйтынг гарадоў Беларусі”, які мы выпусцілі, з’яўляецца навуковым выданнем. Ён выкарыстоўвае навуковую метадалогію. Гэты рэйтынг створаны на падставе афіцыйных статыстычных паказчыкаў.

Мы, канечне, маглі кіравацца нейкімі сваімі прыватнымі ўпадабаннямі ў складанні рэйтынгу: вось я праехаўся, значыць, па Шчучыну — там прыгожа, праехаўся па Стоўбцах — не спадабалася! Паніжу-ка я Стоўбцам рэйтынг. Гэта, канечне, можна так зрабіць, але мы б тады не маглі напісаць, што гэта навуковае выданне. А паколькі мы такое напісаць хацелі, то карысталіся навуковай метадалогіяй і выкарыстоўвалі статыстычныя дадзеныя. І я вам скажу так: як гэтыя статыстычныя паказчыкі ні круці, усё роўна Стоўбцы будуць Шчучын абганяць, хаця мне асабіста ў Шчучыне падабаецца больш.

Цяпер можна заўважыць такую тэндэнцыю, што людзі, нават тыя, хто нарадзіўся ў сталіцы, едуць жыць у маленькія гарады. Ці ёсць такое?

Так, у Беларусі сёння назіраецца гэты феномен. І прычым назіраецца ва ўсіх гарадах, не толькі ў Мінску, хаця ў Мінску ён найбольш моцны. Гэты працэс будзе працягвацца.

Мы гаварылі ўжо пра эканамічную ўключанасць. А вось што тычыцца палітычнай уключанасці — як з гэтым справы ў беларускіх рэгіёнах?

Найбольшая палітычная актыўнасць і падтрымка дэмакратычных сілаў назіраецца там, дзе вышэй заробкі. Гэта, дарэчы, вялікі беларускі парадокс. Чым больш чалавек атрымлівае ад гэтай дзяржавы, тым больш ён гэтай уладай незадаволены. Гэта, канечне, цікавы феномен, і выкліканы ён тым, што грошы адкрываюць іншыя перспектывы.

Давайце ўсё ж вернемся да фактараў, якія ўплываюць на развіццё рэгіёнаў і на месца таго ці іншага горада ў рэйтынгу. Ці можна іх пералічыць? Якія фактары найбольш уплывовыя — інфраструктура, эканамічныя магчымасці ці, можа, нават прыгажосць самога месца?

Калі мы стваралі “Рэйтынг гарадоў Беларусі”, мы кіраваліся ў першую чаргу тым, што на развіццё рэгіёнаў будуць уплываць эканамічныя фактары: колькі людзі зарабляюць. Другое — гэта дэмаграфічныя фактары: як там людзі нараджаюцца, якая міграцыя. Потым экалагічныя фактары, як там са шкоднымі выкідамі… І, так бы мовіць, геаграфічныя фактары — як далёка знаходзіцца горад ад істотных эканамічных, адукацыйных і адміністрацыйных цэнтраў.

Можна яшчэ разглядаць узровень развіцця інфраструктуры. І, безумоўна, ён важны. Але няма адпаведнага статыстычнага паказчыка. Таму, на жаль, такі фактар, як развіццё інфраструктуры, адсачыць у нас, у Беларусі, немагчыма. Але ён вельмі істотны асабліва для інвестараў — ці можна праехаць у гэты горад, ці ёсць чыгунка і ўсе гэтыя чыста тэхналагічныя абмежаванні — маюць для развіцця бізнеса вельмі істотнае значэнне.

Ёсць такое меркаванне, што менавіта брак  інфраструктуры і не дае развівацца малым гарадам. Рэгіёны апошнім часам усё ж такі развіваюцца, але менавіта з-за адсутнасці належнай інфраструктуры моладзь з’язджае з малых гарадоў у вялікія. Бо нават калі там і ёсць магчымасць зарабіць грошы, то няма чым заняцца ў вольны ад працы час…

Вы кажаце тут не пра інфраструктуру. Інфраструктура — гэта транспарт, сувязь, электрычнасць, газ. А вы зараз кажаце пра сацыяльную інфраструктуру. Гэта рэч іншая, і ў Беларусі з гэтым увогуле цырк. У нас адсачыць, што ўплывае на развіццё сацыяльнай інфраструктуры, увогуле немагчыма. У гарадскім паселішчы Гарадзея ёсць адзін басейн, які дзейнічае, і адзін недабудаваны. А ў Воршы дзве вязніцы і адзін кінатэатр — проста катастрафічная сацыяльная інфраструктура.

Тое самае — шпіталі ў некаторых райцэнтрах могуць лепш выглядаць, чым шпіталі ў буйных прамысловых гарадах. Тут вельмі цяжка зразумець, чаму так. Вось гэта якраз мясцовы фактар — тое, што залежыць ад пакаленняў чыноўнікаў, якія там працавалі. Была нейкая дэтэрмінацыя зрабіць свой горад прыгожым, быў такі гонар мясцовы — рабілі штосьці. Дзе гэтага не было — вось мы і назіраем сітуацыю.

А ці праўда з’язджаюць людзі з-за браку сацыяльнай інфраструктуры?

Цяжка сказаць: вось якраз міграцыя ў нас недаследаваная. І варта было б яе даследаваць. Напрыклад, мой знаёмы даследчык Аляксей Казлоў прыйшоў да высновы, што ў Беларусі цяпер ёсць вельмі небяспечная тэндэнцыя. На вёсках неразвітая інфраструктура — вадаправод, каналізацыя, ацяпленне і г.д. І што мы назіраем? З вёсак выязджаюць жанчыны. Мужчыны застаюцца, для іх гэта менш істотны фактар. І ўжо назіраюцца дэмаграфічныя дыспрапорцыі — уяўляеце сабе, у вёсках не толькі маладыя з’язджаюць, а старыя застаюцца, да таго ж там шмат мужчын і мала жанчын. І гэта вельмі цікава, але пра гэта амаль ніхто не ведае.