Беларусы адмовіліся ад Кофі Анана і тамагочы – і выйгралі “Срэбнага ільва”

На фестывалі рэкламы “Cannes Lions 2009” каманда беларускіх піяршчыкаў за 24 гадзіны прыдумала, як накарміць галодных афрыканскіх дзетак. Ідэя аказалася вартай маладога “Срэбнага ільва” Еўрарадыё датэлефанавалася да Алега Бесараба і Іллі Кухарава, якія зараз знаходзяцца ў Канах на самым прадстаўнічым сусветным рэкламным форуме “Cannes Lions 2009”. Беларускія піяршчыкі ўдзельнічалі ў Young Lions Media Competition – моладзевых спаборніцтвах у галіне медыяпраектаў. Іх праект журы конкурса ацаніла “маладым” “Срэбным ільвом”. А галоўны прыз забрала каманда з Аўстраліі.

Пра тое, што трэба было рабіць канкурсантам, распавядае адзін з сёлетніх прызёраў “Cannes Lions 2009” Алег Бесараб з беларускага BTL-агенцтва “PR квадрат”:

Алег Бесараб: “Нам трэба было распавесці, што трэба накарміць дзетак у бедных рэгіёнах свету: у Афрыцы, у складаных раёнах Каўказа, у Таджыкістане. Непасрэдна малодшым школьнікам растлумачыць, што ёсць праблема сусветнага голаду, і сабраць з іх ахвяраванні, каб накарміць такіх жа школьнікаў, але ў іншых краінах”.

Праца над ідэяй цягнулася крыху больш за суткі. Удзельнікі конкурсу атрымліваюць заданні ў 17:00, а 8-й раніцы наступнага дня іх ізалююць ад грамадскасці ў адмысловых боксах. Там цягам наступных 12 гадзінаў адбываецца канчатковае афармленне пракета.

Па ўмовах спаборніцтваў, беларусы пакуль што не маюць права распавядаць, што ж такога яны выдумалі, каб накарміць галодных дзетак. Затое пра тое, ад якіх ідэяў яны падчас працы адмовіліся, казаць ніхто не забараняў! Гэтае пытанне Еўрарадыё задало Іллі Кухараву з мінскага філіялу агенцтва Starcom Mediavest Group:

Ілля Кухараў: “Мы адкінулі ідэі, звязаныя са стварэннем розных супергерояў. А таксама клубаў па прынцыпе тамагочы і падобнай лухты”.

Яшчэ адна ідэя, ад якой адмовіліся беларускія адмыслоўцы – зладзіць вялікі дзіцячы конкурс, вынікі якога былі б падсумаваныя падчас вялікай сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Кофі Ананам. Працягвае Ілля Кухараў:

Ілля Кухараў: “Сёлета Кофі Анан тут у Канах з’яўляецца спікерам, будзе заўтра выступаць на семінары. Заўтра пабачым яго і вырашым, ці сапраўды мы трапна ад яго адмівіліся. Можа, ён нам золата мог прынесці!”

Вядомая беларуская рэкламістка Юлія Ляшкевіч, якая зараз таксама знаходзіцца ў Канах, распавяла нам, што ідэю беларускай каманды можна лёгка адаптаваць да айчынных рэаліяў:

Юлія Ляшкевіч: “Я думаю, што ў нас сёння шмат сваіх дзяцей, у якіх даволі складаная сітуацыя, з якой трэба разбірацца. Тая ідэя, якую сфармулявалі хлопцы – “Больш разумныя і больш кемлівыя, чым бацькі” – можа быць рэалізаваная і ў нашай краіне”.

На фота: Алег Бесараб і Ілля Кухараў