Беларусы на легкавушках запраўляюць у Расіі па 230 літраў саляркі!

Праз тыдзень пасля шуміхі вакол раптоўнага ўзнікнення кантролю на беларуска-расійскай мяжы выпраўляемся на самы загружаны пераход на трасе М1. З выездам з Беларусі ў Расію няма ніякіх праблем. Чэргаў на расійскім баку таксама няма. Пераязджаем мяжу. Тут стаіць каля 25-30 фур, якія толькі што выехалі з нашай краіны.

“Мне мусіць паставіць штамп санітарна-ветэрынарная служба Расіі, і толькі пасля гэтага я магу ехаць далей, — распавядае расійскі кіроўца фуры Віталь, які вязе на ўсход сыры з Сербіі. — Груз у мяне ўжо правяралі ў Брэсце і дазволілі яго везці далей. На выездзе з Беларусі мытнікі праверылі дакументы і прапусцілі без праблем. Цяпер будуць правяраць яго тут. Раней нічога падобнага не было”.

Побач з беларуска-расійскай мяжой на тэрыторыі суседняй краіны размяшчаецца аўтазапраўка “Лукойл”. Асноўныя яе кліенты — беларусы з розных рэгіёнаў. Гэта і не дзіўна — кошты значна ніжэйшыя, чым у Беларусі. Літар еўрадызелю каштуе ўсяго 6900 на нашы грошы, а літар бензіну АІ-95 — 7040. Гэта куды танней, чым беларускія кошты на дызель у памеры 11 700 і 11 400 адпаведна за АІ-95.

“Наша паліва беларусы размятаюць у імгненне вока — нам гэта выгадна, за кошт гэтага і жывем. Цэлыя чэргі выстройваюцца. Заліваюць не толькі бак, але і розныя каністры”, — распавядае касір запраўкі “Лукойл”.

Як пацвярджэнне яе слоў кіроўца легкавушкі з беларускімі нумарамі у гэтую хвіліну набывае адразу ажно 230 літраў дызельнага паліва, пры куды больш сціплай ёмістасці паліўнага бака машыны. Кіроўцу не пужаюць санкцыі з боку нашых праваахоўнікаў. Згодна з артыкулам 12.30 Адміністрацыйнага кодэкса, правозіць у машыне больш за 100 літраў паліва (за выключэннем таго, што ў баку) забаронена. За гэта пагражае штраф да 15 мільёнаў рублёў і канфіскацыя бензіну і дызпаліва.

На пытанне, ці можна заправіцца за долары ці еўра, жанчына адказвае адмоўна, але адразу ж прапаноўвае свае паслугі па абмене валюты. Яна згодная ўзяць долар за 50 расійскіх рублёў (афіцыйны курс на 15 снежня 57 рублёў), еўра за 60 (афіцыйны курс на 15 снежня — 72 рублёў). Адзначым, што пасля падзеяў на валютным рынку Расіі 16 снежня, калі долар рэзка вырас аж да 68 рублёў, тамтэйшае паліва стала яшчэ больш прывабным.

Паддаемся агульным настроям і заліваем поўны бак. Шкадуем, што не ўзялі пару каністр. Але радуемся, што не ўзялі пару каністр, калі пры вяртанні сустракаем беларускага даішніка, які стаіць пасярод дарогі і дапамагае мытнікам і памежнікам прыпыняць грузавыя аўтамабілі. Побач з машынай ДАІ ходзяць некалькі супрацоўнікаў у чорнай форме АМАПа. Дарожны інспектар прыпыняе і легкавыя аўтамабілі. Правярае багажнікі, салон, дакументы, пасля чаго адпускае кіроўцаў.

Каля імправізаванага мытнага паста, які ўяўляе сабой аўтамабіль “Ніва”, у якім час ад часу грэюцца мытнікі, сустракаем кіроўцу казахстанскай фуры. Тэльман толькі што ўехаў у Беларусь і ідзе аформіць страхоўку.

“Мытнікі запыталі ў мяне, што вязу. Я сказаў, што пусты, дык яны мне махнулі рукой, каб праязджаў. Ніхто сёння маю машыну не даглядаў. У іншыя разы прыпыняюць, правяраюць машыну і дакументы, пасля адпускаюць. Нейкая лішняя фармальнасць, якая займае дадатковыя максімум 10-15 хвілін. Тым не менш, гэта не робіць вашу краіну менш прывабнай — мне ў вас вельмі падабаецца. Можна смела ехаць і нічога з табой не здарыцца, не тое што ў Расіі — баішся з салона выйсці”.

Тэльман адзначае, што на іншых памежных беларуска-расійскіх пераходах чэргаў таксама няма — ездзіць яму даводзіцца вельмі часта, у тым ліку, і пасля з’яўлення гэтак званага кантролю з беларускага боку.