Беларусы не атрымаюць больш таннага бензіну з патаннелай нафты

Вяртанне льгот на пастаўкі нафты з Расіі не прывядзе да зніжэння коштаў на аўтазапраўках. Такім быў сэнс тлумачэнняў віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, якія ён даў сёння па гэтым пытанні дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

На думку Кабякова, не варта звязваць паляпшэнне ў гандлі нафтай са змяншэннем коштаў на паліва. Дадатковыя выдаткі, якія ў сувязі з гэтым могуць з’явіцца, пойдуць у бюджэт. Што, у сваю чаргу, абернецца дабром для “эканомікі і грамадзянаў”, лічыць ён.

Кабякоў прызнаў справядлівым, што кошты на бензін у Беларусі будуць вышэй, чым у краінах, дзе нафта здабываецца. “Гэта пасуне нас да эканоміі, скарачэнню выдаткаў”, - цытуе віцэ-прэм’ера БелаПАН.