Беларусы не хацелі ачольваць баскетбольную зборную, а замежнікам адмовілі

Закончылася эпапея з пошукам галоўнага трэнера мужчынскай зборнай Беларусі па баскетболе. Ім прызначаны 54-гадовы Аляксандр Папкоў. Такое рашэнне было прынятае на паседжанні выканкама Беларускай федэрацыі баскетбола.  У пачатку года Федэрацыя абвяшчала конкурс, шукала кандыдатаў праз аб'яву ў газеце. Разглядаўся нават варыянт прыцягнення замежнага спецыяліста і былі двое жадаючых, якіх, нібыта, не палохаў малы заробак - менш за 200 долараў у месяц. Аднак ад іх паслугаў адмовіліся.

Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё супрацоўнік БФБ Вячаслаў Радной:

"Федэрацыя не мае такіх сродкаў, каб утрымліваць замежных трэнераў. Таму ад гэтай задумы адмовіліся... А з нашых ніхто не хацеў працаваць".

Аляксандр Папкоў раней ужо працаваў у штабе зборнай, ён вядомы ў мінулым баскетбаліст мінскага РТІ, гуляў за зборную СССР. Як яго ўдалося ўгаварыць? Вячаслаў Радной раскрывае таямніцу:

"А як? Проста пагаварылі з ім і ўсё".