Беларусы “правалілі” чэмпіянат свету па настольным тэнісе

Уладзімір Самсонаў выйшаў у трэці круг (1/16 фіналу) чэмпіянату свету па настольным тэнісе ў Заграбе (Харватыя). 23 траўня беларускі спартовец, які займае шостае месца ў сусветным рэйтынгу, выйграў у Кай Сяо Лі з Сінгапура з лікам 4:0 (12:10, 11:5, 13:11, 11:1).

Напярэдадні Самсонаў узяў верх над датчанінам Крысціянам Ларсенам - 4:1 (11:9, 9:11, 11:1, 11:8, 11:6). У жаночым адзіночным разрадзе Вікторыя Паўловіч прайграла ў першым крузе (1/64 фіналу), Вераніка Паўловіч і Таццяна Кастраміна - у другім.

Сышлі з турнірнай дыстанцыі і ўсе беларускія дуэты: Віталь Нехвядовіч і Уладзімір Самсонаў, а таксама Таццяна Кастраміна і Вікторыя Паўловіч - у другім крузе (1/16 фіналу), Вераніка Паўловіч і Аляксандра Прывалава - у першым. У змешаным разрадзе Віталь Нехвядовіч і Вераніка Паўловіч, Аляксандр Кучук і Аляксандра Прывалава прайгралі ў першым крузе (1/64 фіналу).

БелаПАН