Беларусы прыходзяць на пікеты, але прозвішчы кандыдатаў дагэтуль не ведаюць

Еўрарадыё пабыло на крэатыўнай акцыі Уладзіміра Някляева і запытала мінакоў іх меркаванне (Фота) Крэатыўную акцыю ля ўваходу ў сталічны чыгуначны вакзал правяла каманда ў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Яго падтрымалі музыкі і пісьменнікі, быў усталяваны вялікі імправізаваны слуп з кірункамі да абласных гарадоў, а таксама да Кастрычніцкай плошчы.





"Адзіны механізм ад фальсіфікацый — плошча! Усе разам, каб адстаяць нашы галасы, 19 снежня а 20-ай гадзіне на плошчы!" — заклікаў кандыдат і папрасіў усіх не галасаваць датэрмінова.

Мажліва, паўплывала пахмурнае надвор'е, але мінакоў каля пікета спынялася не так шмат. Іх меркаванні наконт плошчы падзяліліся.

Мужчына: Цалкам згодны пра плошчу і там буду, бо ўжо няма чаго чакаць. Абавязкова там буду.
Еўрарадыё: Верыце, што галасы лічаць сумленна?
Іншы мужчына: Не веру!
Еўрарадыё: А гатовыя адстаяць свой голас на плошчы?
Іншы мужчына: Я туды не хаджу, даўно не хаджу.

Нямала людзей дагэтуль не ведаюць аніводнага кандыдата, апрача Аляксандра Лукашэнкі.

Мінак: Я лічу, Лукашэнка — адзіны гаспадар у краіне, усё для краіны, усё для людзей.
Рабочы: Гэтага кандыдата я не ведаю. Так, ад нечага рабіць гляджу.
Пажылы мужчына: Я быў у сваёй сястры, ніводнага не ведаю, чуў, што 10 кандыдатаў. Вось паеду дамоў, пагляджу праграму…

Ідэя з пастаноўкай акцыі нарадзілася ў камандзе Някляева сённяшняй раніцай. Увогуле, па словах Уладзіміра Някляева, шмат якія акцыі зусім не патрабуюць вялікіх выдаткаў, толькі крэатыву.



Уладзімір Някляеў: "Сёння ні падтрымка Лукашэнкі, ні апазіцыі не дазваляе перамагчы ў першым туры. Лукашэнка мае каля 35%, я — на палову менш. Відавочна, што мусіць быць другі тур!"

А ў ім Лукашэнка непазбежна прайграе, лічыць Уладзімір Някляеў.