Беларусы прынялі ўдзел у гей-парадзе ў Кіеве (фота, відэа)
25 траўня прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў правялі ва ўкраінскай сталіцы "Марш роўнасці".
Напярэдадні суды забаранілі правядзенне акцыі ў цэнтры горада, таму прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці вырашылі выйсці на парад каля помніка Пушкіну на Шуляўцы — былой ускраіне Кіева, інфармуе "Новы рэгіён".
На "Маршы роўнасці" акрамя ўкраінцаў прысутнічалі беларусы, расіяне, немцы, а таксама мэр Мюнхена Хэп Манацэдэр і адзін дэпутат Еўрапейскага парламента. Усяго ў акцыі прыняло ўдзел каля 60 чалавек.
Праціўнікаў гей-параду прыйшло нашмат больш, чым саміх удзельнікаў маршу. Але больш за ўсіх на акцыі было міліцыі. Да месца правядзення мерапрыемства з самай раніцы было сцягнута каля 60 аўтобусаў з праваахоўнікамі.
Акцыя доўжылася каля дваццаці хвілін. Маршрут гей-параду заняў усяго каля 150 метраў, якія ўдзельнікі пераадолелі ў шчыльным асяроддзі міліцыянтаў. Дайшоўшы да кінастудыі "Даўжэнка", прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці прайшлі ў браму, якая зачыніліся за імі. Знадворку засталося 3 шэрагі міліцыі — яны не давалі магчымасці нікому пераследваць удзельнікаў маршу.
Усяго праваахоўныя органы затрымалі каля 10 чалавек, якія спрабавалі прарвацца праз кардон міліцыі падчас гей-параду.
Варта адзначыць, што ў кіеўскую гарадскую адміністрацыю паступіла больш за дзясятак заявак на правядзенне акцый, накіраваных супраць гей-параду. Таксама паступіла больш за 500 зваротаў ад грамадзян, якія патрабавалі забараніць шэсце ў падтрымку сэксуальных меншасцяў.




