Беларусы заваявалі бронзу на Залатым Гран-пры па грэка-рымскай барацьбе

Беларускія барцы грэка-рымскага стылю Міхаіл Сямёнаў і Аляксандр Кікінёў сталі бронзавымі прызёрамі фіналу Залатога Гран-пры. Спаборніцтвы праходзілі 16-18 ліпеня ў сталіцы Азербайджана Баку, паведамляе БЕЛТА. Сямёнаў у вагавой катэгорыі да 66 кг у сутычцы за бронзу адолеў японца Юджы Акамота, а Аляксандр Кікінёў (74 кг) узяў верх над грузінам Манучарам Квіркелія.

У дзясятку наймацнейшых трапілі таксама беларускія барцы Іосіф Чугашвілі (120 кг), які заняў 7-е месца, і Ўладзімір Берднік (120 кг), што атабарыўся на 10-й пазіцыі. Яўген Бочка (74 кг) - на 12-м радку выніковага пратаколу, Рустэм Эмір-Амзаеў (66 кг) - на 19-м.

У камандным заліку беларускія грэка-рымляне з 21 балам занялі 8-е месца сярод 21 каманды. У прызавую тройку ўвайшлі Азербайджан - 67 ачкоў, Іран - 48 і Грузія - 41.