Белтэлекам пашырыў знешні інтэрнэт-шлюз Беларусі ў расійскім напрамку

Раней агульны знешні канал складаў 4,4 Гбіт/с, цяпер ён складае 5,2 Гбіт/с. Пашырэнне адбылося толькі ў расійскім напрамку. Цяпер ён складае 4 Гбіт/с (раней быў 3,2 Гбіт/с). Еўрапейскі напрамак сёння ўтрая меншы і складае 1,2 Гбіт/с. Ён даўно не пашыраўся, але пашырэнне плануецца да канца 2008 года. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэсавай службе "Белтэлекама". Расійскі напрамак з’яўляецца больш прыярытэтным, таму яго і пашыраюць:

“Так складаецца сітуацыя, што весь асноўны рускамоўны кантэнт знаходзіцца на расійскіх серверах. Вядома, туды больш запытаў. Таму, каб скараціць чаканне адказу сервера на расійскім баку і павялічыць прапускную здольнасць менавіта ў мностве запытаў на выхад і на ўваход, пашыраецца знешні шлюз”.

Для звычайнага карыстальніка гэта адаб’ецца на хуткасці загрузкі кантэнту з расійскіх сайтаў, як саміх старонак, так і больш цяжкага відэа ці mp3.

Дарэчы, у 2006 годзе знешні канал складаў 1,8 Гбіт/с, а ў 2005 годзе – 0,5 Гбіт/с.