Беніта Ферэра-Вальднер прызнала наяўнасць у Беларусі вязняў сумлення

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Анатоль Лябедзька, адзін з удзельнікаў сустрэчы еўракамісара з прадстаўнікамі апазіцыі. Раней Еўрасаюз не прызнаваў наяўнасці палітычных вязняў у нашай краіне, менавіта таму заява Фэрэра-Вальднер настолькі важная:
Анатоль Лябедзька: “Яна сказала: “Мы вітаем, што вядомыя беларусы былі вызвалены ў мінулым годзе, але нас не задавальняе, што замест адных у турме з’явіліся іншыя”.

Акрамя Анатоля Лябедзькі ў сустрэчы з еўракамісарам бралі ўдзел таксама Аляксандр Казулін, Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка і Віктар Карняенка.

Палітыкі абмяркоўвалі з Бенітай Ферэра-Вальднер не толькі праблемы грамадскай супольнасці, а таксама механізмы рэалізацыі Ўсходняга Партнёрства.

На думку Анатоля Лябедзькі, палітычным партыям павінна быць гарантавана асобнае месца ў гэтай праграме. Менавіта таму прадстаўнікі апазіцыі прапанавалі еўракамісару стварыць працоўныя групы, куды ўвайшлі б прадстаўнікі і дзяржструктур, і дэмакратычных сілаў.

Яны мусілі б выпрацоўваць рэкамендацыі і прапановы па канкрэтных праектах супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю, у тым ліку па энергетычных пытаннях. Гэта забяспечыла б эластычнасць “Усходняга партнёрства” ў адносінах да беларускай рэчаіснасці.

Апазіцыянеры прапанавалі пакласці ў аснову беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва формулу: “Крэдыты і гандаль узамен на ўнутрыпалітычны дыялог і свабодныя выбары”. Пазіцыя Еўрасаюза па гэтым пытанні вельмі падобная, кажа Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька: “Улада хацела б, каб усё вялося да эканомікі, а Брусель будзе разглядаць усё пакетам, у комплексе: і пытанні эканомікі і дэмакратызацыі, правоў чалавека, свабоды для мас-медыяў і гэтак далей”.

На думку спадарыні Ферэры-Вальднер, прадстаўнікі дэмсілаў таксама павінны прымаць удзел у працы над новым выбарчым заканадаўствам.

Па словах Анатоля Лябедзькі, еўракамісар па знешніх сувязях паабяцала выкарыстаць свае асабістыя мажлівасці ў гэтым напрамку:

Анатоль Лябедзька
: “Яна будзе спрыяць таму, каб партыі, АДС былі далучаны да гэтага працэсу. Гэта вельмі важна і вельмі істотна”.

Расійскі ж аспект на сустрэчы з Ферэрай-Вальднер не закранаўся. Як паведаміў Еўрарадыё Анатоль Лябедзька, еўракамісар толькі паабяцала спытаць Аляксандра Лукашэнку, чаму да грамадска-кансультацыйнай рады, якая была створана пры яго адміністрацыі, не былі запрошаны кіраўнікі апазіцыйных структур.