Бензін і салярка могуць падаражэць на 10%. Але — не з заўтра

Канцэрн “Белнафтахім” рыхтуе павышэнне коштаў на нафтапрадукты ў сярэднім на 10%. Адпаведны праект указу падрыхтаваны і чакае падпісання. Як распавяла Еўрарадыё начальнік Упраўлення коштаў канцэрна “Белнафтахім” Людміла Радкевіч, кошт бензіну і дызельнага паліва павысіцца не нашмат. Людміла Радкевіч: “У нас, паводле ўказу прэзідэнта №285, канцэрн рэгулюе кошты на нафтапрадукты. Калі загад падпішуць, тады і будзе павышэнне – але не з заўтрашняга дня дакладна. Не нашмат”.

Шэраг ведамстваў ужо выказалі сваю нязгоду з рашэннем “Белнафтахіма”. Да прыкладу, Мінтранс і Мінсельгас выказалі сваю занепакоенасць будучым ростам выдаткаў для сваіх прадпрыемстваў. Аднак канчатковае рашэнне залежыць выключна ад канцэрну “Белнафтахім”, які не абавязаны ўзгадняць сваю коштавую палітыку з міністэрствамі, што дазваляе яму адмысловы ўказ кіраўніка краіны.