Бернд Штанге: Аляксандр Глеб хутчэй за ўсё не згуляе з Албаніяй

Аляксандр Глеб хутчэй за ўсё не згуляе ў заўтрашнім матчы Беларусь — Албанія. Футбаліст пасля траўмы кепска падрыхтаваны фізічна. Пра гэта 11 кастрычніка паведаміў галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге. Штанге: "Аляксандр Глеб пасля гульні за "Бірмінгем" ні разу так і не ўдарыў па мячы. Толькі ўчора першы раз ён асцярожна бегаў з камандай. Пры гульні на вышэйшым узроўні патрэбны абсалютна здаровы фізічна футбаліст. Мы карэктныя трэнеры, і будуць гуляць тыя гульцы, якія на 100% у фізічнай форме знаходзяцца".

Нагадаем, што 12 кастрычніка ў адборачным матчы чэмпіянату Еўропы 2012 года сустрэнуцца нацыянальныя зборныя Беларусі і Албаніі. Яны з 5 ачкамі займаюць у групе D другое-трэцяе месцы (на першым французы з 6 ачкамі). Паядынак пройдзе на мінскім стадыёне "Дынама", пачатак у 20.30.