БГК імя Мяшкова выйграў у гасцях у "Заграба" ў рамках SEHA-лігі

16 снежня Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова завяршыў балканскае турнэ ў рамках SEHA-лігі. Як паведамляе БелаПАН, чэмпіён Беларусі абыграў харвацкі "Заграб" з лікам 24:21. Такім чынам беларускія спартоўцы ўзялі рэванш за паразу на сваёй пляцоўцы на пачатку верасня.

Дарэчы, гульня адзначылася бойкай у сярэдзіне другога тайма. Чырвоныя карткі перад сабой ўбачылі разыгрываючыя камандаў — Ёсіп Вальчыч і Дзмітрый Нікуленкаў, а напрыканцы гульні з пляцоўкі быў выдалены Сяргей Шыловіч.

У гэтым сезоне БГК і "Заграб" сустракаліся ўжо чацвёрты раз. Клубы гуляюць у адной групе Лігі чэмпіёнаў, дзе яны падзялілі ачкі, атрымаўшы хатнія перамогі.

У SEHA-лізе БГК цяпер займае трэцяе месца, маючы 24 ачкі пасля 10 гульняў. Заключны матч сёлета БГК правядзе 18 снежня ў Славакіі супраць мясцовага "Татрана".

Фота — з архіву brestcity.com