Блог лекара: “У 41 годзе мяне, напэўна, расстралялі б за панікёрства”

Еўрарадыё вырашыла апублікаваць гэты допіс з блогу доктара адной з беларускіх бальніц, які зараз намагаецца дапамагчы хворым на пнеўманію. “Прыйшоў сёння з сутачнага дзяжурства — даўно так не працаваў... Адзін лекар на 5 вентылятараў і 5 ложкаў.

Карацей кажучы — хто не паспеў, той спазніўся!!! Імпартныя апараты ўжо скончыліся, застаўся толькі “цуд” беларускай думкі пад назваю ВІАН. За суткі ў аддзяленне паклаў 4 пнеўманіі, дзве з якіх пасадзілі на ШВЛ (штучную вентыляцыю лёгкіх. — ЕРБ). У выніку зранку на апаратах боўталіся 5 чалавек, без уліку таго, што морг папоўніўся яшчэ адным целам на самым пачатку дзяжурства...

Век пацыентаў — 1969, 1976, 1978, 1986, 1983 чатыры жанчыны і маладзён. Клініка ва ўсіх ідэнтычная — з’яўленне прыкметаў дыхальнай недастатковасці на 3-5-6 дзень захворвання, надрыўны кашаль, макроты няшмат, болі ў грудной клетцы, задышка, у паловы — лейкапенія, тры з чатырох жанчынаў з залішняй вагой (адна пад 145 кіло). Хуткае нарастанне рэнтгеналагічнай карціны, гіпаксеміі, праяўленне РДС (Востры рэспіраторны дыстрэс-сіндром з’яўляецца крайнім праяўленнем сіндрому вострага пашкоджання лёгкіх. — ЕРБ). Пасля інтубацыі практычна адразу ж па трубе ідзе ружовая пеністая макрота, вентыляцыя ў жорсткіх рэжымах, і, нягледзячы на гэта, захоўваецца гіпаксемія (паніжэнне ўтрымання кіслароду ў крыві ў выніку парушэння кровазвароту). Амаль ва ўсіх часта прыступы кашлю, нягледзячы на тое, што ў трубе амаль нічога няма.

Яшчэ цікавы момант — дагляданне за такімі пацыентамі: асаблівасць у санацыі трахеі — як толькі сястра адсаніруе хворага, сатурацыя (насычэнне вадкасцяў і тканак арганізму газам ва ўмовах павышанага бараметрычнага ціску. — ЕРБ) хутка з’язджае ўніз і ўзнаўляецца толькі хвілін праз 30-40.

Яшчэ адзін момант — у 4 з 5 пацыентаў — другая група крыві!!!

У ВЫНІКУ: Увогуле шанцаў выжыць у пацыентаў (якія могуць яшчэ паступіць з падобнай паталогіяй у нашае аддзяленне) не шмат. ВІАН робіць сваю справу літаральна за лічаныя гадзіны! Сінхранізацыі з гэтым апаратам можна дамагчыся толькі ўжываючы міярэлаксанты. Будзем саніраваць беларускую нацыю... Настала надзвычайная сітуацыя і як зазвычай мы аказаліся не гатовыя да такога павароту падзей.

P.S: Антыбіётыкі можна сказаць — не дзейнічаюць, а яны не самыя слабыя — цілапенем і левафлаксацын! Тут яшчэ ўзгадаю тое, што літаральна пару дзён таму з’явіўся таміфлю. Бюджэт бальнічкі зрасходаваны на квартал наперад. Людзі — не хварэйце! У наш час гэта небяспечна для жыцця! (у 41 годзе мяне, напэўна, расстралялі б за панікёрства...))

За 41-ы не скажу. Але вось цікавае назіранне, і не толькі маё. Няяўным пнеўманіям ці лёгкім формам перыядычна пачалі ставіць “востры бранхіт”, лячэнне ж без зменаў, “антыпнеўманійнае”. Трэба думаць, пайшло ўказанне змагацца за статыстыку. Але гэта так, уражанне, якое, цалкам магчыма, не адпавядае рэчаіснасці. Затое ў працы з насельніцтвам адчуваецца ўрослае добразычлівае стаўленне да медыкаў. Гэткі момант яднання”.


tolstonogov.blog.tut.by