Блогер Ліпковіч гатовы ўехаць у гарсавет на матацыкле з мечам

"Калі мы прыйдзем да ўлады, мы тут усім пакажам", — кажа патэнцыйны кандыдат у дэпутаты. А пакуль ён паказаў у галерэі "Ў" падарункі прэтэндэнту ад электарату і распавёў, што такое "заКолю".
Яўген Ліпоковіч выставіў у галерэі падарункі ад электарату. Чалавек, кажа, я сціплы — таму іх так мала. Самы дарагі з іх гэта матацыкл Харлі Дэвідсан, а самы арыгінальны — кітайскія гантэлі — падарунак рускага народа.

Учора Ліпковіч паспрабаваў зарэгістраваць праз Наталлю Пяткевіч свой плакат. Таму многіх цікавіла, што ж значыць надпіс "заКолю". Ліпковіч адказаў:

Яўген Ліпковіч: "Гэта грамадскі патрыятычны рух "закалю". Мэты яго закалоць. Усіх кепскіх і падтрымаць усіх добрых".

Еўрарадыё: А чаму "к" з вялікай?

Яўген Ліпковіч: "Адрукоўка".

У Адміністрацыі прэзідэнта Ліпковічу сказалі, што такі надпіс не зарэгіструюць.

Яўген Ліпковіч: "Мне прапанавалі напісаць "за Бэндэра". Сказалі, што зацвердзяць".

На прэзентацыі было шмат прэсы. А вось "СБ" і беларускае тэлебачанне пакрыўдзіліся, што іх не запрасілі персанальна.
Гэты Харлі Дэвідсон — самы дарагі падарунак Ліпковіча.


Нарды, якія падараваў башкірскі алігарх з дзіўным прозвішчам Элькінд. І спартовы меч  — такім можна і закалоць усіх канкурэнтаў.


Кефір абястлушчаны Ліпковічу падараваў Савет Міністраў і Адміністрацыя прэзідэнта.


Матацыклетны шлем прэзентаваны невядомым чалавекам на Камароўцы.



Кітайскія гантэлі — падарунак рускага народа


Вагі трафейныя. Падарунак прабабулі. Прыёмнік "Акіян" мінскага завода "Гарызонт". Дар кітайскіх рабочых.


Ваза (псеўдакітай). Падараваная групай бландынак-псіхааналітыкаў. А другі падарунак — гэта баявы трафей, атрыманы ў віртуальнай вайне за званне лепшага публіцыста ў беларускім ЖЖ у 2007 годзе.



Кіраўнік штаба і жонка прэтэндэнта