Больш за 10 тысяч вернікаў-каталікоў сабраліся на свята ў Будславе

У Будславе на Мядзельшчыне праходзіць ушанаванне іконы Маці Божай Будслаўскай.

На яго сабраліся вернікі-каталікі з усёй краіны. Многія з іх здзейснілі пешую пілігрымку ў Будслаў і выправіліся ў шлях яшчэ ў чэрвені.

Вось што распавёў “Еўрарадыё” удзельнік святкавання ў Будславе Яўген Андросік:

“На першы погляд тут відавочна больш за дзесяць тысяч чалавек. Вакол касцёла паўсюль людзі. З’ехаліся яны сюды з усёй Беларусі”.

Дарэчы, сёлетні год увойдзе ў гісторыю будслаўскіх пілігрымак. Водным шляхам з Вільні быў дастаўлены 200-кілаграмовы драўляны крыж.

Ён зроблены з драўніны, якую яшчэ 500 гадоў таму сплаўлялі з Мядзельшчыны ў старажытную сталіцу Вялікага княства Літоўскага для пабудовы бернардынскага кляштару.

З Мінску з Чырвонага касцёла прывезлі толькі нядаўна створаную ікону Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстасць завершыцца набажэнствам, якое пачалося апоўдні.