Больш за 30 заявак паступіла на навучанне па праграме Каліноўскага

28 лютага завяршаецца пазачарговы набор беларускіх студэнтаў на навучанне па праграме Каліноўскага ў Польшчы. Набор быў аб'яўлены ўрадам Польшчы, паведаміла БелаПАН каардынатар праграмы, старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць" Іна Кулей.

Па праграме Каліноўскага Польшча выдзеліла 150 стыпендый для студэнтаў, 50 стыпендый для дактарантаў і 10 навуковых стыпендый для выкладчыкаў ВНУ.

Як паведаміла Кулей, на сённяшні дзень камітэт прыняў больш за 30 заявак на навучанне па праграме Каліноўскага ў Польшчы. У тым ліку ад 13 студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ пасля ўдзелу ў акцыі, якія ўжо маюць на руках дакументы аб адлічэнні, а таксама ад тых навучэнцаў, якія былі выключаныя яшчэ ў перыяд перадвыбарнай кампаніі, і тых, якія сёння знаходзяцца пад пагрозай выключэння. Паводле яе слоў, ёсць некалькі заявак ад аспірантаў, у якіх узніклі праблемы з навучаннем пасля ўдзелу ў акцыі на плошчы Незалежнасці, а таксама ад тых, хто не можа абараніць у Беларусі кандыдацкія дысертацыі, паколькі іх працы не адпавядаюць беларускай ідэалогіі.

Кіраўнік камітэта адзначыла, што польскія ВНУ гатовы правесці сёлета яшчэ адзін набор па праграме Каліноўскага ў выпадку такой неабходнасці. Кулей мяркуе, што вясной ў беларускіх ВНУ магчыма яшчэ адна хваля выключэнняў.