Больш за ўсё снегу за мінулыя суткі выпала на Гомельшчыне

Больш за ўсё снегу за мінулыя суткі выпала ў Гомельскай вобласці. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры. За мінулыя суткі па вобласці выпала ад 7 да 17 мм ападкаў, што складае 17-44% ад месячнай нормы. Заснежанай апынулася і Магілёўская вобласць. Тут больш за ўсё ападкаў выпала ў Бабруйску — 9 мм (22% ад месячнай нормы). На Міншчыне снегапады былі найбольш інтэнсіўнымі ва ўсходняй частцы, дзе выпала 10-14 мм ападкаў, ці 20-35% да месячнай нормы.

Вышыня снежнага полага за мінулыя суткі ў Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях павялічылася на 8-11 см. У цэлым па краіне яна цяпер вагаецца ад 2 см па крайнім захадзе да 28 см у Гомельскай вобласці.

За мінулую ноч самая вялікая колькасць ападкаў выпала ў Гомельскім рэгіёне (Жлобін — 7 мм снегу), асобных раёнах Мінскай вобласці (Барысаў — 10 мм, Беразіно — 8 мм), Віцебскай вобласці (Лепель — 9 мм, Докшыцы — 7 мм).

Істотнай змены тэмпературнага рэжыму хуткім часам не чакаецца. Невялікае пацяпленне сіноптыкі прагназуюць на паўднёвым усходзе. Там максімальная тэмпература будзе вагацца ад мінус 9 да мінус 14 градусаў.