Борыс рыхтуе пісьмовыя прапановы адносна вырашэння канфлікта ў СПБ

Лідэр непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс рыхтуе пісьмовыя прапановы адносна вырашэння канфлікта ў СПБ у Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі. Паводле словаў намесніка Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзіміра Ламекі, па магчымасці яны будуць улічаны ў працы дзяржаўных органаў. Аб гэтым ён напісаў у адказе на папярэдні зварот Борыс.  Нагадаем, праўладны Саюз палякаў Беларусі збіраецца абраць новага старшыню ў верасні. Пра гэта паведаміў цяперашні кіраўнік арганізацыі Юзэф Лучнік. Такое рашэнне прыняла Рада, якая збіралася ў Гродне ў суботу. Некалькі сотняў паплечнікаў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Анжалікі Борыс туды не пусцілі.

12 верасня пройдзе чарговы VII справаздачна-выбарчы з'езд афіцыйнага Саюза палякаў. Юзэф Лучнік паведаміў, што Анжаліку Борыс на яго не запросяць, бо, паводле яго слоў, яна не з'яўляецца сябрам СПБ. Кандыдатаў на пасаду новага старшыні афіцыйнага саюза будуць высоўваць яго раённыя арганізацыі.