Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу назіральніка на выбарах
Брэсцкі абласны суд пакінуў без зменаў рашэнне суда першай інстанцыі адносна заявы Дзяніса Турчаняка.
Нагадаем, што актывіст быў назіральнікам ад Руху “За свабоду” на прэзідэнцкіх выбарах. У звароце ў суд ён прасіў пакараць за бяздзейнасць чыноўнікаў гарвыканкама.
Турчаняк: “Я спрабаваў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці старшыню выбарчай камісіі ўчастка №98 за парушэнне парадку падліку галасоў. Адмова гарвыканкама зрабіць гэта, адмова суда разгледзець маю скаргу на бяздзейнасць гарвыканкама — гэта ўсё засталося ў сіле. На сёння няма механізма, які здатны прымусіць парушальнікаў выбарчага заканадаўства панесці адказнасць”.
Бюлетэні з усіх скрыняў палічылі разам, нягледзячы на патрабаванні назіральніка. Цэнтравыбаркам прызнаў факт парушэння выбарчага заканадаўства. Адміністрацыйнае пакаранне на парушальнікаў можа накласці толькі гарвыканкам, але чыноўнікі праігнаравалі звароты Турчаняка. А суды, кажа актывіст, адмаўляюцца разглядаць яго справу па сутнасці, бо, маўляў, ён не з’яўляецца пацярпелым бокам.
Фота: pro-test.org.ua