Брэсцкі суд пацвердзіў: хворай на сухоты бабулі можна жыць з малымі ўнукамі

Брэсцкі абласны суд у чацвер адмовіў сям’і Волчак у пазове аб адмене рашэння суда першай інстанцыі, паводле якога яны высяляюцца з дома ў цэнтры горада з прадастаўленнем супольнага жылля.
Сям’я - гэта двое Волчакаў-старэйшых і іхні сын Андрэй, жанаты і сам бацька двух дзяцей-школьнікаў. Генадзь Волчак ужо 60 гадоў жыве ў доме па Савецкай, 98. Займаў з жонкай і дзецьмі двухпакаёвую кватэру. Дзесяць гадоў таму назад жонка захварэла на сухоты. Генадзь Волчак атрымаў аднапакаёўку для сябе ў гэтым жа доме як дворнік ЖЭС-2 і з умовай, што зробіць рамонт. У двухпакаёўцы застаўся сын Андрэй з сям’ёй.

Калі дом пайшоў у 2006 годзе пад знос, Волчакі прасілі прадаставіць ім асобныя кватэры, таму не сталі высяляцца ў адну прадастаўленую трохпакаёўку. Брэсцкі гарвыканкам і управа Жылкамунгаса дабіліся высялення Волчакаў у судовым парадку, не гледзячы на тое, што ў раённым судзе ў лістападзе 2008 года служба па абароне правоў дзіцяці аддзела адукацыі Маскоўскага раёна Брэста хадайнічала аб недазволе пражывання дзяцей разам з бабуляй, у якой адкрытая форма сухотаў.

Нагадаем, што брэсцкія суды ўжо маюць на рахунку цікавы досвед рассялення “знесеных” грамадзянаў, калі ў аднапакаёвую кватэру ссялілі разведзеных дзесяць гадоў таму назад сужэнцаў з новымі сем’ямі.