Брэсцкі суд у трэці раз адправіў на дапрацоўку пратаколы міліцыянтаў
Сёння не адбылося чацвёртае паседжанне суда Ленінскага раёна Брэста ў справе мясцовага жыхара Канстанціна Турчаняка.
Прычынай стала адсутнасць належных дакументаў з боку міліцыі.
Міліцыянты склалі на яго пратакол, быццам Турчаняк 19 снежня нецэнзурна лаяўся на плошчы Леніна. Канстанцін Турчаняк у размове з Еўрарадыё патлумачыў:
Турчаняк: “Поўная фабрыкацыя справы. Пратакол адзін напісалі, потым другі. Пратакол — гэта дакумент строгай справаздачнасці. Сёння міліцыянт мне ўручыў позву на 11 гадзін раніцы на суд. Я прыйшоў, а дакументаў няма. Нельга азнаёміцца. Суд адмянілі. Адправілі пратакол на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС у трэці раз”.
Прыйшлі і сведкі. Канстанцін Турчаняк сказаў, што думае над тым, каб звярнуцца з пазовам пра кампенсацыю яму і сведкам за час, змарнаваны на дарэмнае хаджэнне па судах.