Брэсцкія роварнікі сабралі 1 045 подпісаў у абарону сваіх правоў

Жыхары Брэста просяць мясцовыя ўлады стварыць у горадзе ўмовы для перасоўвання на ровары. Пад адпаведным зваротам падпісалася 1 045 чалавек, паведамляе БелаПАН. Ініцыятарам акцыі выступіла абласное моладзевае грамадскае аб’яднанне “Дзедзіч”. Падпісанты цвердзяць, што перасоўвацца на ровары па Брэсце на сёння складана і нават небяспечна для жыцця. Спецыяльныя сцежкі для роварнікаў абсталяваныя толькі ў частцы мікрараёна Кавалёва, але яны таксама ў шэрагу выпадкаў не адпавядаюць патрабаванням будаўнічых нормаў і правілаў. А тых роварнікаў, якія перасоўваюцца па праезнай частцы, прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.