Брэсцкія швейнікі баяцца канкурэнцыі з кітайскімі вытворцамі

У Свабоднай эканамічнай зоне “Брэст” кітайская фірма “Сю Цзінь” збіраецца адкрыць швачную вытворчасць. У Кітаі фірма мае тры фабрыкі па пашыве спартовай вопраткі, працуе для “Аdidas”.  Брэсцкія швейнікі з гэтай нагоды выказалі перасцярогі, што могуць застацца без працоўнай сілы альбо зусім страціць рынак.

Намесніца дырэктара швачнай фабрыкі “Надзея” Вольга Юхнавец у каментары Еўрарадыё заявіла:

Юхнавец: "Нельга дазваляць кітайскаму боку стварэнне і рэгістрацыю ў Свабоднай эканамічнай зоне “Брэст” швейнай вытворчасці, таму што гэта зачыніць для беларускіх вытворцаў рынак у Расіі. Гэта звязана з тым, што з Кітая, дзякуючы датацыям кітайскай дзяржавы, па вельмі нізкіх коштах будзе пастаўляцца тканіна, і беларускія вытворцы не змогуць канкурыраваць з кітайскімі з-за цэнавага фактара. Другая прычына гэта тое, што ў Брэсце ўжо існуе паводле афіцыйных дадзеных каля 800, а насамрэч каля 2000 швейных прадпрыемстваў, і на рынку працы ствараецца ажыятаж па прафесіі “швачка”.

Дарэчы, дырэктарка “Надзеі” Ала Атыліна згадала, што і Еўрасаюз, і Злучаныя Штаты абараняюць свае рынкі ад танных кітайскіх тавараў. Яны ўжываюць такі інструмент пратэкцыянізму, як квоты, а таксама рэгулююць актыўнасць замежных прадпрымальнікаў праз візавую палітыку.