Брэстаўчанін хоча адсудзіць у гарвыканкама грошы, ахвяраваныя на помнік

Сяргей Вакуленка ахвяраваў на помнік 5.000 рублёў, а на суды ўжо выдаткаваў 350 тысяч — у 70 разоў больш. Як піша "Комсомольская правда в Беларуси", гісторыя пачалася сёлета ў сакавіку. Сяргей Вакуленка ўбачыў плакаты, на якіх улады заклікалі жыхароў горада зрабіць свой унёсак у святкаванне 990-годдзя Брэста і здаць грошы на помнік.

Брэстаўчанін кажа, што хацеў пабачыць на помніку такіх знакавых для горада асоб, як праадобны Апанас Брэсцкі, вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі Ягайла. Іх выявы былі на эскізе помніка на плакаце.

Аднак на гатовым поніку на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гогаля, брэстаўчанін не пабачыў ні Ягайлы, які даў Брэсту Магдэбургскае права, ні Апанаса Брэсцкага, ні памежніка Андрэя Кіжаватава, ні лётчыка Ўладзіміра Карвата.

Вакуленка палічыў, што гарвыканкам неправамерна расходаваў яго грошы, і накіраваў скаргу ў раённы суд. Скаргу адхілілі. Мужчына падаў касацыйную скаргу ў абласны суд — з тым жа вынікам. Цяпер ён рыхтуе скаргі старшыні Брэсцкага абласнога суда, а потым у Вярхоўны суд.

Галоўны архітэктар Брэсцкага аблвыканкама Аляксандра Войтэнка кажа, што асноўныя пераробкі на помніку былі зробленыя з ініцыятывы праваслаўнай царквы. Беларускі экзархат не пагадзіўся са скульптурай Ягайлы, які, нібыта, прыгнятаў праваслаўных. А Карвату і Кіжаватаву, кажа Вайтэнка, ужо ёсць бюсты, таму замест іх стварылі зборную выяву воіна-вызваліцеля.