Брэстаўчанін, які на лецішчы застрэліў суседа, атрымаў 8 гадоў турмы

Як паведамляе сайт tomin.by, 58-гадовы мужчына прысуджаны да пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.



Нагадаем, што здарэнне адбылося 28 красавіка мінулага года ў вёсцы Рачкі Жабінкаўскага раёну. Падчас сваркі мужчына стрэліў у свайго суседа па лецішчы з неўстаноўленай агнястрэльнай зброі. 38-гадовы пацярпелы ад ранення ў сэрца сканаў па дарозе ў бальніцу.


Зламыснік з месца злачынства збег, ён нават паспеў з'ехаць у Расію. Затрымалі яго толькі 9 траўня на вакзале ў Маскве, дзе ён купляў білет на цягнік. Вельмі доўга вырашалася пытанне экстрадыцыі мужчыны ў Беларусь, бо ён з'яўляецца грамадзянінам Расіі.


У вынясенні прысуду, які сваякі загінулага лічаць занадта мяккім, суд Жабінкаўскага раёну ўлічыў змягчальныя абставіны. Падазраваны раней не быў асуджаны і яго 4 непаўналетніх дзяцей, апошні з якіх нарадзіўся ўжо падчас следства.



Па словах відавочцаў, канфліктная сітуацыя ўзнікла з-за неэтычнага ўчынку сына пацярпелага. Малады чалавек схадзіў у прыбіральню не ў тым месцы, што і раззлавала суседа.



Зброю, з якой быў забіты мужчына, так і не знайшлі. Па неафіцыйнай версіі, гэта мог быць будаўнічы пісталет.