Брэстаўчанка спадзяецца на сустрэчу з Лукашэнкам падчас яго візіту

Жыхарка Брэста Сняжана Неўдах атрымала адказ з Міністэрства ўнутраных спраў на свой зварот. Жанчына прасіла, каб Ганне Жук, маці пакаранага смерцю, выдалі цела сына. Святлана Неўдах незадаволеная адказам чыноўнікаў:
Неўдах: "Адказалі, як адказвае аўтаадказчык. Маўляў, указваць месца пахавання або выдаваць цела немагчыма, бо забараняе закон. Калі ўжо прэзідэнт можа паўплываць, то я да яго звярталася, а адказваюць іншыя. Я падумвала аб сустрэчы, але мне сказалі, што гэта нерэальна".

Нагадаем, што Андрэя Жука пакаралі смерцю сёлета ўвесну, і маці прасіла выдаць ёй цела сына або хаця б указаць месца пахавання, але ёй адмовілі.

Цяпер Неўдах збіраецца напісаць кіраўніку дзяржавы з просьбай, каб быў зменены хаця б адзін пункт закона і было дазволена ўказваць месца пахавання. Таксама яна паспрабуе сустрэцца з Лукашэнкам асабіста падчас яго візіту ў Брэст 29 кастрычніка.