Брытанскія пахавальныя агенцтвы прыпынілі працу з-за фінансавага крызісу

Некаторыя брытанскія пахавальныя агенцтвы прыпынілі працу з-за фінансавага крызісу і затрымак з дзяржаўным фінансаваннем. Пра гэта паведамляе агенцтва РИА “Новости” са спасылкай на Daily Mail.
Паводле слоў кіраўнікоў агенцтваў, з-за цяжкасцяў з дзяржаўным фінансаваннем сотні цел не пахаваныя своечасова. Сем'і з нізкім прыбыткам, якія не могуць дазволіць сабе аплачваць пахаванне, вымушаныя больш за два месяцы чакаць дзяржаўную матэрыяльную дапамогу, якую выдаткоўвае фонд сацыяльнага забеспячэння дэпартамента працы і пенсій.

Раней пахавальныя бюро бралі на сябе ўсе выдаткі з дапамогай банкаўскіх крэдытаў, якія потым выплачваліся за кошт сродкаў з дзяржбюджэту. Аднак ва ўмовах цяперашняга фінансавага крызісу рытуальныя агенцтвы маюць цяжкасці з атрыманнем падобных крэдытаў.

Так, у горадзе Шрусберы агенцтва вымушана зацягваць пахаванне 77-гадовага мужчыны, які сканаў 13 жніўня, паколькі фінансавая дапамога маламаёмаснай сям'і не паступала да 9 кастрычніка. Цяпер пахаванне прызначана на наступную пятніцу — амаль праз дзевяць тыдняў пасля смерці.