БТ звінаваціла амбасаду ЗША ў фінансаванні беларускай апазіцыі

Першы тэлеканал БТ увечары ў чацвер паказаў сюжэт, прысвечаны амерыканскай амбасадзе. У сюжэце сцвярджаецца, што амбасада працягвае фінансаваць беларускую апазіцыю. Па звестках тэлеканала, ЗША фінансуюць беларускую апазіцыю па праграме малых грантаў. У якасці доказаў у сюжэце прыводзяцца кадры здымкі допытаў кіраўніка брэсцкага аддзялення Партыі БНФ Змітра Шыманскага і рэдактара адной з апазіцыйных газет, якія пацвердзілі атрыманне грошай ад амбасады.

Акрамя таго, была паказаная гутарка з кіраўніком аддзела малых грантаў дыпмісіі ЗША Аляксандрам Мельнікавым, знятая схаванай камерай. Па словах журналістаў, ён таксама пацвердзіў факт выдачы грошай апазіцыянерам па праграме малых грантаў.

Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што супрацоўнікі амерыканскага пасольства бралі з апазіцыянераў падпіску аб неразгалошванні, а некаторых запалохвалі.

Гэты тэлесюжэт стаў чарговым крокам у дыпламатычнай "халоднай вайне", якая апошнія два месяцы вядзецца паміж Беларуссю і ЗША.

"Інтэрфакс"