Буш прызначыў Крамера намеснікам дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі

Джордж Буш прыняў рашэнне прызначыць Дэвіда Крамера намеснікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Пра гэта паведаміла прэс-служба Белага дома. Прэзідэнт ЗША накіраваў кандыдатуру Крамера на зацвярджэнне ў Сенат.
Калі кангрэсмены зацвердзяць яго на новай пасадзе, Крамер будзе таксама прадстаўляць Дзярждэпартамент у Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая дзейнічае ў структуры амерыканскага ўрада і членамі якой з'яўляюцца прадстаўнікі адміністрацыі, Сената і Палаты прадстаўнікоў. Цяпер Крамер курыруе ў Дзярждэпартаменце пытанні адносінаў з Беларуссю, Малдовай, Расіяй і Украінай.

Нагадаем, у красавіку 2007 года Крамер знаходзіўся з візітам у Беларусі. Адбыліся яго сустрэчы з чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі. Паводле вынікаў візіту Крамер заявіў журналістам, што ЗША гатовыя значна палепшыць адносіны з Беларуссю ў выпадку выканання ўрадам краіны пэўных умоў, найперш аб вызваленні ўсіх палітвязняў і спыненні крымінальнага пераследу палітычных актывістаў, у тым ліку лідэраў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".

На пачатку лістапада амерыканскі чыноўнік выступіў з папярэджаннем, што Вашынгтон рыхтуе новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Праз тыдзень, 13 лістапада, Міністэрства фінансаў ЗША аб'явіла аб увядзенні санкцый у дачыненні да канцэрна "Белнафтахім". Былі, у прыватнасці, замарожаны ўсе банкаўскія рахункі "Белнафтахіма" і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі "Белнафтахім USA". Апрача таго, амерыканскім бізнесменам было прадпісана ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

БелаПАН