Бязмытная нафта з Расіі на беларускія заводы пакуль не паступае

Бязмытная нафта на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пакуль не паступае, паведаміла прэс-сакратар кампаніі "Белнафтахім" Марына Касцючэнка, перадае РИА Новости. "Пакуль ідуць перамовы па кантрактоўцы нафты. У сувязі з каляднымі святамі перамовы зацягнуліся", - сказала Касцючэнка..

Паводле падпісанай напачатку снежня беларуска-расійскай міжурадавай дамовы, з 1 студзеня Беларусь павінна была пачаць атрымліваць бязмытную расійскую нафту. Дамова павінна была набыць моц пасля ратыфікацыі беларускім парламентам пакета з 17 дакументаў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана. Парламент 21-22 снежня ратыфікаваў гэтыя дамовы і двухбаковае пагадненне пра раздзел экспартных мыт на нафту і нафтапрадукты.

"З улікам наяўных запасаў нафты і калядных вакацый перагаворны працэс можа быць адкладзены", - мяркуюць у кампаніі "Белнафтахім".

У заводаў пераходзячых рэштак з мінулых месяцаў хопіць прыкладна на 20 дзён працы на поўнай загрузцы, паведамілі ў канцэрне.