Бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі складае больш за 240 тысяч

Урад Беларусі зацвердзіў бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў коштах сакавіка 2009 года ў разліку на адзін месяц. Як адзначае БЕЛТА, гэты нарматыў будзе дзейнічаць з 1 траўня па 31 ліпеня 2009 года. Бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з траўня складае 243 тыс. 570 рублёў (з 1 лютага па 30 красавіка 2009 года гэты нарматыў быў 234 тыс. 370 руб.). Для працаздольнага насельніцтва БПМ усталяваны ў памеры 261 тыс. 320 руб., для пенсіянераў — 219 тыс. 140 руб., для студэнтаў — 262 тыс. 140 руб., для дзяцей у веку ад 3 да 16 гадоў — 297 тыс. 70 руб., для дзяцей у веку да 3 гадоў — 215 тыс. 160 руб.

Асноўныя выдаткі ў бюджэце пражытковага мінімуму наступныя: прадукты харчавання — 54,2%, плата за карыстанне жытлом і камунальныя паслугі — 17,3%, вопратка і абутак — 16,3%, бытавыя і транспартныя паслугі — 6,5%, тавары побытавага і гаспадарчага прызначэння — 3,2%, узносы і плацяжы — 0,4%, прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекі — 2,1%.