"Чалавекам года Віцебска" можа стаць апазіцыянер Сяргей Каваленка

Галасаванне адбываецца на сайце "Народныя навіны Віцебска". Конкурс праходзіць ужо трэці раз. У 2008-м годзе тытул "Чалавек года Віцебска" атрымала "Міс Беларусь" Вольга Хіжынкова, у 2009-м — кіраўнік Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Косінец.  Як распавёў у эфіры Еўрарадыё рэдактар "Народных навінаў Віцебску" Сяргей Серабро, выбіраць чалавека году прапануецца з сямі асобаў. На цяперашні час прагаласавала ўжо больш за 100 наведнікаў сайту. Першае месца трымае сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка (27%). Нагадаем, што год таму ён узняў бел-чырвона-белы сцяг на 35-метровую гарадскую елку. І пасля таго Каваленка, як кажа Серабро, ствараў шмат навінавых нагодаў.

На другім мецы — студэнтка ЕГУ Кася Сцяпанава. У 2009 годзе яе абралі "Міс інтэрнэт Віцебск". Напрыканцы 2010-га дзяўчыну затрымалі кадэбісты на беларускай мяжы, калі яна ехала да бацькоў на Каляды.

Трэцяе месца займае фотамадэль Тацяна Дзягілева, ураджэнка Віцебска. Часопіс "Esquire" у 2010 годзе назваў яе сэкс-сімвалам Беларусі.

Ёсць у спісе таксама Уладзімір Правальскі і Сяргей Рыжоў, якія спрабавалі балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі.

Галасаванне працягнецца да 31 студзеня. Імя "Чалавека года" будзе абвешчанае 1 лютага.